Знаменитый белорусский поэт Петрусь Бровка: стихи, лирика, поэзия.

Замалёўка
Петрусь Бровка
Спявае лета над барамі,
Сасёнкі струнамі звіняць,
Гамоніць поле каласамі,
Шапоча ў кветках сенажаць.

Шумяць вятры ў гаях напеўна.
Адна рачулка ў чаратах
Бурчыць, варочаецца гнеўна,
Бы мулка спаць на камянях.

А можа, з навіны ў ахвоту,
Пакуль міне плацінаў строй,
Так напрацуецца да поту,
Што пара раніцой над ёй.

Пасля дажджу
Петрусь Бровка
Вясновы дождж абсыпаў градкі.
Цвітуць, што зоркі, агуркі,
А з клёна, што ідзе ўпрысядкі,
Спадаюць пырскі-светлякі.

Яму ўсміхаецца рабіна,
У жолабе вада пяе.
Здаецца, кожная яліна,
Развёўшы плечы, устае.

На голлі яблынь ні пылінкі,
Павук праверыў моц красён,
А шпак п’е прагна з ручаінкі,
Нібы з пустэльні толькі ён.

Ісці да мэты — ўстаць да ўсходу...
Петрусь Бровка
Ісці да мэты — ўстаць да ўсходу
I даць зямлю адчуць нагам,
Ды, крышачы сцяну нягоды,
Ісці насуперак вятрам.

Няхай палохаюць віхуры,
Ты не мяняй кірунак свой,
Бо нават птушкі супраць буры
Сядзяць наперад галавой.

Усім вясна дала работу...
Петрусь Бровка
Усім вясна дала работу,
Спрадвеку ўжо закон такі —
I на бярозах гнёзды-ноты
Панаразвесілі гракі.

Расселіся сям’ёю кучнай,
I хай трывожаць раннем сон —
Вядома, хор немілагучны, —
Ды абуджае сэрца ён.

I на мяне находзіць роздум,
Што нельга раніцы праспаць,
Што час выходзіць з хат, як з гнёздаў,
Палеткі дбала засяваць.

Вясновая кніга
Петрусь Бровка
Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.

Прыйшла — і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст...
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.

Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.

Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.

Май зялёны на парог...
Петрусь Бровка
Май зялёны на парог.
Ночка. Вішні белыя.
Ходзім мы з табой удвох,
Нібы звар’яцелыя.

Не страчаліся з зімы.
Што ж мы не бяседуем,
I чаго жадаем мы, —
Самі мы не ведаем.

Падае нам певень знак —
Блізка ўсход, світаецца,
Нашы ж рукі аніяк
Штось не разнімаюцца.

Салаўіны галасок
У садах ваколіцы,
Месяц быццам назнарок
Сам не супакоіцца.

Вясновая кніга
Петрусь Бровка
Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.

Прыйшла — і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст...
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.

Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.

Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.

Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны, сад...
Петрусь Бровка
Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны, сад
Дваццаць год пасадзілі назад.
Разгулялася скрозь маладая краса,
На духмяных лістах серабрыцца раса,
Села чырвань-зара на зялёны прыпол...
Што-ж ты сумна глядзіш за палётамі пчол?
Час вянкі нам уздзець над юнацкім чалом,
Па пчаліным шляху свой агледжваць дом,
I на першы прамень, узышоўшы вясной,
Разам ў поле жыцця вылятаць раніцой.
Там ліпоўнік густы, светлавокі язмін,
Будзем мёд сабіраць мы з пахучых далін...
Сядзем потым спачыць мы пад лістам адным.
Згодна ты?..
Ты маўчыш...
Паляцім?!
Паляцім!